Выхаванне на нацыянальным вопыце
Краязнаўства з’яўляецца вядучым напрамкам дзейнасці нашай установы адукацыі. Уся работа школы напраўлена на фарміраванне асобы неабыякавай, маральна ўстойлівай, духоўна развітай, адказнай. А нашы сённяшнія вучні стануць такімі толькі ў тым выпадку, калі будуць ведаць гісторыю родных мясцін, традыцыі свайго краю. А будуць ведаць — значыць будуць цаніць і берагчы, мець нацыянальны гонар, пачуццё патрыятызму, без якога няма асобы.
Прыярытэтным накірункам дзейнасці кожнага класнага кіраўніка, кожнага педагога ў нашай школе з’яўляецца выхаванне на багатым нацыянальным вопыце. Менавіта гэта з’ўляецца важнейшым пры стварэнні тэматычных куточкаў.
Творчасці дзіцячай паэтэсы Ганны Скаржынскай – Савіцкай, сапраўднага сябра нашай школы, прысвечаны куточак “Кветка малой радзімы” у кабінеце 1 класа.
“Бабуліны вышкі” – тэматычны куточак у кабінеце 2 класса, сустракае гасцей водарам гаючых траў і кветак. Здаецца, што менавіта нашай старонцы прысвечаны словы Ніла Гілевіча:
У нас – ці ў лесе ты, ці ў полі –
Садзіся смела, дзе стаіш:
Не бойся – сцёгны не паколеш,
Як на падушцы, пасядзіш.
У нас зямля – якую краску,
Якую былку не сарві –
Кладзі да сэрца як лякарства,
І здаравей, брат, і жыві!
Настаўніцай Ядвігай Іванаўнай Якубоўскай і яе класам сабраны багаты матэрыял аб зёлках нашага краю, іх мясцовых назвах. У кастрычніку 2015 г. праект “Бабуліны вышкі”, які быў падрыхтаваны Жук Ангелінай і прадстаўлены на раённы этап абласнога конкурсу даследчых работ і праектаў вучняў пачатковых класаў, удастоены дыплома 2-ой ступені.
Турыстычныя паходы натхнілі Чаславу Іванаўну Ганчыц і яе вучняў на стварэнне тэматычнага куточка “Вёсачка мая”. Тут сабраны матэрыял аб навакольных вёсках – паданні аб паходжанні, сучасным абліччы, славутых людзях.
У кабінеце 4 класа вучні, сумесна з класным кіраўніком Таццянай Аляксееўнай Змітровіч, стварылі куточак “Нашы святы”.
У кабінеце беларускай мовы створаны куток “Нацыянальнае адзенне нашай мясцовасці”. Нацыянальны касцюм — тая частка духоўнай і матэрыяльнай культуры, дзе найбольш ярка праяўляюцца этнічныя асаблівасці. У многіх жыхароў нашай мясцовасці яшчэ захавалася адзенне, якое насілі нашы дзяды і прадзеды. Напрыклад, андарак і кашулю знайшла у сваім куфры жыхарка вёскі Зарачанка.
Кабінет геаграфіі прываблівае “Мінералагічным кутком”, у якім сабрана калекцыя з 28 мінералаў.
Трэба сказаць, што тэматычныя куточкі, мэтай якіх з’яўляецца вывучэнне спадчыны нашага народа, далучэнне школьнікаў да нацыянальнай культуры і традыцый, ствараюцца ў кожным прадметным кабінеце нашай школы.
Тое, як арганізавана работа ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, настаўнікаў, вучняў, іх бацькоў, прадстаўнікоў улады, арганізацый і прадпрыемстваў, меснага насельніцтва па захаванню і адраджэнню нацыянальных традыцый дае надзею, што жыццё будзе доўжыцца, бо толькі той можа ствараць будучыню, хто памятае мінулае, хто ведае свае карані.